Devby
| dev.by | |
|---|---|
| URL | devby.io |
| Камерцыйны | так |
| Тып сайта | Інтэрнэт-выданне |
| Рэгістрацыя | неабавязковая |
| Наведвальнасць | да 2 млн (на ўсіх платформах), каля 500 тыс. у Беларусі (пасля блакіроўкі) |
dev.by (таксама вядомы як devby.io) — беларускае інтэрнэт-выданне і медыяплатформа, прысвечаная тэхналогіям і ІТ-індустрыі. Рэсурс аб'ядноўвае рускамоўную лічбавую і ІТ-супольнасць: распрацоўшчыкаў, тэсціроўшчыкаў, менеджараў, аналітыкаў і стартапераў. Сайт з'яўляецца адным з самых папулярных рэсурсаў пра працу ў сферы інфармацыйных тэхналогій у Беларусі[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ідэя стварэння рэсурсу з'явілася ў 2007 годзе. Да гэтага часу абмеркаванне працы ў беларускіх ІТ-кампаніях мела эпізадычны і неструктураваны характар на розных форумах. Калі рынак пачаў імкліва развівацца, а кампаніі сталі больш актыўна шукаць спецыялістаў, з'явілася патрэба ў паўнавартасным сэрвісе. Стваральнікамі праекта выступілі Арцём Канцавы і Аляксандр Юруць, якія на той момант працавалі на менеджарскіх пазіцыях у адной з мінскіх ІТ-кампаній[1].
Распрацоўка сайта вялася ў вольны ад працы час на працягу васьмі месяцаў. Рэсурс быў афіцыйна запушчаны ў кастрычніку 2008 года. Гэты перыяд супаў з пачаткам сусветнага фінансавага крызісу, які закрануў і беларускі рынак: кампаніі пачалі звальняць супрацоўнікаў і зразаць заробкі. У гэтых умовах платформа хутка набыла папулярнасць, стаўшы галоўнай пляцоўкай для абмеркавання сітуацыі на рынку, абмену інфармацыяй і камунікацыі паміж працадаўцамі і супрацоўнікамі[1].
З цягам часу выданне аказала значны ўплыў на сталенне беларускага ІТ-рынку. Кампаніі перайшлі да больш цывілізаваных формаў вырашэння канфліктаў, пачалі актыўна працаваць над сваім іміджам і брэндам працадаўцы, палепшылі ўмовы працы ў офісах, а вакансіі набылі больш канкрэтны і прафесійны выгляд[1]. У 2021 годзе беларускі бізнесмен Віктар Пракапеня інвеставаў у праект паўмільёна долараў ЗША для развіцця тэмы адукацыі і ўдасканалення ў ІТ-сферы[2].
Дзейнасць і кантэнт
[правіць | правіць зыходнік]Інтэрнэт-выданне асвятляе ўсе значныя падзеі, якія адбываюцца ў галіне інфармацыйных тэхналогій або могуць на яе паўплываць. Платформа публікуе навіны, аналітычныя матэрыялы, расследаванні і інтэрв'ю. На сайце сабраны падрабязны каталог беларускіх ІТ-кампаній з водгукамі супрацоўнікаў, вядзецца каляндар прафесійных падзей, збіраецца і аналізуецца статыстыка даходаў і заробкаў, а таксама размяшчаюцца вакансіі для кандыдатаў[3].
Аўдыторыя выдання гістарычна складала каля аднаго мільёна ўнікальных наведвальнікаў штомесяц, а з улікам сацыяльных сетак (Facebook, TikTok, Telegram, Instagram, LinkedIn) дасягала двух мільёнаў. Амаль 40 працэнтаў рэдакцыйных артыкулаў ствараюцца пры дапамозе чытачоў[4].
Паводле ўнутранага кодэкса калектыву, рэдакцыя дэкларуе сваю незалежнасць[3]:
| Рэдакцыя незалежная ад заснавальнікаў і інвестараў, дзейнічае ў інтарэсах чытачоў, ІТ-супольнасці і не абслугоўвае карпаратыўныя інтарэсы якіх-небудзь кампаній. Мы не з'яўляемся тэхналагічным і бізнес-рэсурсам у вакууме. Мы высока цэнім супольнасць, якая сабралася вакол выдання на працягу паўтара дзесяцігоддзя, і разам з ёй перажываем ідэальны шторм (а часам і штыль): пішам пра ўсё, што важна, карысна, цікава і набалела прама цяпер. Арыгінальны тэкст (руск.)
Редакция Dev.by независима от учредителей и инвесторов, действует в интересах читателей, ИТ-сообщества и не обслуживает корпоративные интересы каких-либо компаний. Мы не являемся технологическим и бизнес-ресурсом в вакууме. Мы высоко ценим сообщество, собравшееся вокруг издания на протяжении полутора десятилетий, и вместе с ним переживаем идеальный шторм (а иногда и штиль): пишем обо всем, что важно, полезно, интересно и наболело прямо сейчас. |
Эміграцыя і рэпрэсіі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля падзей 2020 года ў Беларусі пачаліся сістэмныя палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя. Нягледзячы на гэта, партал спачатку захоўваў даходы ад рэкламы. Аднак з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года выданне страціла 94 % даходу за адзін месяц[4].
У чэрвені 2022 года беларускія сілавікі затрымалі дырэктара ЗАТ «Дэў Бай Медыя», а таксама яго жонку, якая працавала там жа галоўным бухгалтарам. На відэа, апублікаваным у праўладных Telegram-каналах, дырэктар выдання паведаміў, што прымаў удзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Самі сілавікі пракаментавалі арышт кіраўніцтва заявай, што на партале «мэтанакіравана распальваліся негатыўныя эмоцыі да сваёй краіны, каб дагадзіць так званым еўрапейскім каштоўнасцям»[5].
Гэта вымусіла каманду з 24 чалавек (журналісты, рэдактары і адміністрацыйны персанал) эміграваць, пераважна ў Польшчу, і перабудоўваць бізнес-мадэль. Кампанія замарозіла найманне новых супрацоўнікаў, скараціла заробкі, спыніла бонусную сістэму і ліквідавала большасць другарадных пасад. Каб выжыць, былі запушчаны праекты для беларускай ІТ-дыяспары і асобны сайт для ўкраінскіх спецыялістаў. У эміграцыі выданне на 30 працэнтаў фінансуецца за кошт рэкламы і чытацкіх ахвяраванняў, а астатнія 70 працэнтаў пакрываюцца за кошт знешняй падтрымкі[4].
У маі 2023 года сайт быў упершыню заблакіраваны на тэрыторыі Беларусі без афіцыйных паведамленняў і тлумачэнняў[2]. 12 лютага 2024 года Міністэрства інфармацыі Беларусі паўторна заблакіравала доступ да дамена devby.io, усталяваўшы адпаведную заглушку. З-за блакіроўкі аўдыторыя ўнутры краіны скарацілася да 500 тысяч чалавек[4].
18 жніўня 2026 года паводле рашэння беларускіх уладаў сайт devby.io, аднайменны Telegram-канал і Telegram-боты выдання былі ўнесены ў Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»[6][7].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 История успеха: Dev.by (руск.). Компьютерные вести. Праверана 21 жніўня 2026.
- 1 2 Главное беларуское медиа об IТ-индустрии (опять) заблокировали в Беларуси (руск.). CityDog.io (12 лютага 2024). Праверана 21 жніўня 2026.
- 1 2 Перестал открываться из Беларуси devby.io (руск.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (13 лютага 2024). Праверана 21 жніўня 2026.
- 1 2 3 4 Работа в условиях репрессий: Как Dev.by держится на плаву в эмиграции (руск.). Беларуская асацыяцыя журналістаў / The Fix (20 чэрвеня 2024). Праверана 21 жніўня 2026.
- ↑ Задержали директора и бухгалтера ЗАО «Дев Бай Медиа» (руск.). Zerkalo.io (23 чэрвеня 2022). Праверана 22 жніўня 2026.
- ↑ Сайт медиа devby и аккаунт Маргариты Левчук в Threads признали «экстремистскими» (руск.). Zerkalo.io (20 жніўня 2026). Праверана 21 жніўня 2026.
- ↑ Силовики признали сайт и телеграм медиа Devby «экстремисткими материалами» (руск.). CityDog.io (20 жніўня 2026). Праверана 21 жніўня 2026.