Перайсці да зместу

With The Beatles

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
With The Beatles
Студыйны альбом The Beatles
Дата выпуску 22 лістапада 1963
26 лютага 1987 (CD)
Запісаны 18, 30 ліпеня, 11—12, 30 верасня, 3, 23 кастрычніка 1963, Abbey Road Studios, Лондан
Жанры
Працягласць 31:00
Прадзюсар Джордж Марцін
Краіна Сцяг Вялікабрытаніі Вялікабрытанія
Лэйбл Parlophone
Прафесійныя рэцэнзіі

With The Beatles (з англ. — «Разам з Бітлз») — другі студыйны альбом брытанскага рок-гурта The Beatles, выпушчаны ў 1963 годзе. Сем з чатырнаццаці песень альбома былі напісаны Джонам Ленанам і Полам Мак-Картні, шэсць песень былі запазычаны ў іншых аўтараў і ўпершыню за час існавання гурта сваю песню прадставіў Джордж Харысан («Don’t Bother Me»). На сесіях таксама быў запісаны неальбомны хіт-сінгл «I Want to Hold Your Hand» з песняй «This Boy» на другім баку[6] («…Hold Your Hand» — першая з 5 песень The Beatles, якія ўзначальвалі хіт-парад ЗША ў красавіку 1964 года[7][8]; другой такой песняй была «She Loves You» — самы прадаваемы сінгл гурта — яна была запісана 1 ліпеня 1963 года, незадоўга да пачатку працы над дадзеным альбомам).

Найпапулярнейшай песняй альбома была «All My Loving». Нягледзячы на тое, што яна не была выпушчана ў Вялікабрытаніі сінглам, яна вельмі часта выконвалася на канцэртах, а акрамя таго, у 1964 годзе атрымала прыз «Ivor Novello Awards» як «Другая выдатная песня года» (у той час як «She Loves You» і «I Want to Hold Your Hand» перамаглі ў намінацыі «Бок „А“ кружэлкі, якая была выпушчана ў 1963 годзе і дасягнула найвышэйшых сертыфікаваных продажаў у Вялікабрытаніі»)[9].

У адрозненне ад першага альбома, «With The Beatles» запісваўся даволі доўга — улетку-ўвосень 1963 года. Яшчэ да выхаду альбома на яго паступіла 250 тысяч папярэдніх заказаў. Такім чынам, упершыню ў гісторыі Вялікабрытаніі доўгайграючы альбом стаў «срэбраным» яшчэ да пачатку продажаў. Як і ўсе астатнія альбомы гурта, «With The Beatles» вельмі хутка дасягнуў першага месца ў брытанскім хіт-парадзе. Фотаздымак на вокладцы быў зроблены модным фатографам Робертам Фрымэнам, і з тых пор яе скапіравала некалькі музычных гуртоў. Для аўстралійскага выпуску альбома была выкарыстана іншая вокладка[10][11], чым «The Beatles» былі незадаволены.

У Штатах трэкі альбома былі прадстаўлены на першых двух альбомах, выпушчаных на Capitol Records: «Meet the Beatles!» і «The Beatles' Second Album». У Канадзе альбом быў выпушчаны пад назвай «Beatlemania! With The Beatles». Альбом заняў 420-е месца ў спісе «500 найвялікшых альбомаў усіх часоў паводле часопіса Rolling Stone» у 2003 годзе і быў уключаны ў спіс Роберта Дымеры «1001 Albums You Must Hear Before You Die» (2010). Ён таксама заняў 275-е месца ў трэцім выданні спісу «1000 лепшых альбомаў усіх часоў» англійскага пісьменніка Коліна Ларкіна (2000).

Агульная інфармацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Палажэнне ў брытанскім хіт-парадзе: 1-е месца на працягу 21 тыдня запар з 7 снежня 1963 года (CD-версія дасягнула 40-га месца ў 1987 годзе).

У 2011 годзе вокладка альбома заняла 36-е месца ў спісе лепшых вокладак альбомаў усіх часоў паводле меркавання чытачоў інтэрнэт-выдання «MusicRadar»[12].

У 1963 годзе музычныя гурты звычайна стараліся выпускаць больш за адну кружэлку на год. Таму прадзюсар The Beatles Джордж Марцін і менеджар Браян Эпстайн планавалі, што гурт штогод будзе выпускаць па дзве кружэлкі і чатыры сінглы[13]. Неўзабаве пасля запісу неальбомнага сінгла «She Loves You» 1 ліпеня 1963 года[14] The Beatles вярнуліся ў лонданскую студыю EMI — усяго праз чатыры месяцы пасля выпуску «Please Please Me»[13]. У адрозненне ад іх дэбютнага альбома, амаль цалкам запісанага за адзін дзень (10 з 14 трэкаў), «With the Beatles» быў запісаны за сем сесій на працягу трох месяцаў. 18 ліпеня гурт запісаў чатыры каверы: «You Really Got a Hold on Me» Смокі Робінсана, «Money (That's What I Want)» Барэта Стронга, «Devil in His Heart» «The Donays»[en] (перайменаваную ў «Devil in Her Heart») і «Till There Was You», хаця гэты запіс быў прызнаны нездавальняючым[13].

The Beatles зноў сабраліся на EMI раніцай 30 ліпеня, запісаўшы кавер на песню The Marvelettes «Please Mr. Postman» і ўзяўшыся за працу над першым новым творам Ленана-Мак-Картні «It Won't Be Long»[13]. Пасля перапынку ў студыйным запісе для радыё-сесіі «Saturday Club» для BBC музыканты вярнуліся бліжэй да вечара, запісаўшы накладанні для «Money», «Till There Was You» і кавер на песню «Roll Over Beethoven» Чака Беры. Сесія завяршылася фінальнымі штрыхамі да «It Won’t Be Long» і запісам «All My Loving» Мак-Картні, якую гісторык «The Beatles» Марк Льюісан апісаў як «безумоўна яго лепшае і найскладанейшае сачыненне на той момант». Песня «She Loves You» была выпушчана як сінгл 23 жніўня (на баку «Б» была запісана песня «I’ll Get You») і стала першым сінглам гурта, які быў прададзены накладам больш за мільён копій толькі ў Вялікабрытаніі[13].

Зноў «The Beatles» з'явіліся ў студыі 11 верасня 1963 года. Яны паспрабавалі запісаць «Little Child» Ленана і вакальныя партыі Стара ў «I Wanna Be Your Man» (першапачаткова твор Ленана-Мак-Картні, падораны «The Rolling Stones», якія выпусцілі яго як свой сінгл). Абедзве спробы былі прызнаны няўдалымі[15]; аднак бітлам удалося «з нуля» запісаць кампазіцыі Ленана «All I've Got to Do» і «Not a Second Time» і перайсці да запісу першай сольнай кампазіцыі Харысана «Don't Bother Me», якая засталася незавершанай[15]. На наступны дзень гурт перазапісаў песню «Hold Me Tight» (першая спроба была ажыццёўлена раней у тым жа годзе, 11 лютага), завяршыў «Little Child» і «Don’t Bother Me», але зноў пакінуў «I Wanna Be Your Man» незавершанай. 30 верасня Джордж Марцін дадаў накладанні на фартэпіяна і аргане Хаманда да «Money» і «I Wanna Be Your Man» адпаведна, пакуль гурт быў на адпачынку. Вярнуліся «The Beatles» 3 кастрычніка, запісаўшы яшчэ некалькі дубляў «I Wanna Be Your Man»[15].

Чатырохдарожачны запіс быў усталяваны на EMI перад сесіяй 17 кастрычніка, калі «The Beatles» запісалі свой новы неальбомны сінгл «I Want to Hold Your Hand» / «This Boy», а таксама прамовы для каляднага альбома для фан-клуба гурта[16]. Гурт завяршыў «I Wanna Be Your Man» 23 кастрычніка, у той жа дзень Марцін пачаў адначасовае мікшыраванне мона- і стэрэа-версіі альбома, якое заняло тыдзень. Апошнія штрыхі былі зроблены 30 кастрычніка, і 4 лістапада альбом быў афіцыйна завершаны[16].

Уражаны чорна-белымі фотаздымкамі Джона Колтрэйна, зробленымі Робертам Фрымэнам, Эпстайн запрасіў фатографа стварыць выяву для вокладкі[17]. Пазней Харысан сказаў, што, хаця вокладка «Please Please Me» была «лайном», другі альбом быў «пачаткам нашага актыўнага ўдзелу ў афармленні творчасці «The Beatles»… упершыню мы падумалі: „Гэй, давайце праявім крэатыўнасць“»[18]. Гурт папрасіў Фрымэна чэрпаць натхненне з прац іх сяброўкі Астрыд Кірхгер, якая фатаграфавала бітлоў у Гамбургу паміж 1960 і 1962 гадамі, тады фота былі вырашаны ў адзіным стылі: удзельнікі гурта знаходзіліся ў паўцені і не ўсміхаліся[19]. Каб дабіцца гэтага выніку, 22 жніўня 1963 года Фрыман сфатаграфаваў іх у цёмным калідоры гатэля «Palace Court» у Борнмуце, калі гурт выступаў у летняй рэзідэнцыі ў кінатэатры «Gaumont Cinema»[20]. Для адпаведнасці квадратнаму фармату вокладкі ён змясціў Стара ў правы ніжні кут кампазіцыі, і гэты выбар меў свой падтэкст: «ён далучыўся да гурта апошнім, а таксама быў самым невысокім»[21]. Мак-Картні апісаў атрыманы здымак як «вельмі пануры», дадаўшы: «людзі думаюць, што ён, мусібыць, працаваў над [гэтым] вечна. Але гэта была гадзіна. Ён сеў, зрабіў пару здымкаў, і вуаля, усё гатова»[20].

Першапачатковая канцэпцыя заключалася ў тым, каб надрукаваць выяву ад краю да краю, без водступаў, без назвы кружэлкі і без імя гурта, але задума пярэчыла практыцы музычнай індустрыі і была адразу адхілена з боку EMI. Першым альбомам з фота на вокладцы «да краёў» стаў дэбютны альбом[22] Rolling Stones, выпушчаны праз пяць месяцаў. Лэйбл таксама пярэчыў таму, каб «The Beatles» не ўсміхаліся; толькі пасля ўмяшання Джорджа Марціна як кіраўніка «Parlophone» фотапартрэт на вокладцы быў ухвалены[22]. Фрымэну заплацілі 75 фунтаў стэрлінгаў за яго працу, што ўтрая перавысіла ганарар, першапачаткова прапанаваны EMI[20].

Музычны крытык Джон Харыс лічыць, што вокладка сапраўды нагадвае фотаздымкі Ленана, Харысана і Саткліфа, зробленыя Кірхгер у Гамбургу з выкарыстаннем «тэхнікі паўасвятлення», і кажа, што разам з такімі песнямі, як «Roll Over Beethoven» і «Money (That’s What I Want)», «With the Beatles», такім чынам, уяўляе сабой «хітрае пераасэнсаванне іх іміджу пачатку 60-х: Гамбург, пазбаўлены ўмоўнасцей і эківокаў, прадаваўся публіцы як сумесь дасканалага рок-н-ролу і крутога арт-хаўсу». Харыс таксама разглядае вокладку кружэлкі як «пераломны» дызайн, які пабудзіў іншых выканаўцаў пазбягаць «мульцяшных аспектаў поп-фотаздымку» і працягваў аказваць уплыў на афармленне музычных альбомаў у 1970-х гадах, такіх як «Transformer» Лу Рыда (1972), «Horses» Паці Сміт (1975) і разнастайныя панк-рок альбомы[22].

«EMI Australia» не атрымала вокладку і выкарыстала ў афармленні сваёй версіі альбома калаж — у яго ўвайшлі чатыры ранейшыя фотапартрэты музыкантаў, зробленыя Дэза Хофманам паасобку ў Ліверпулі ў чэрвені 1963 года, і блізкія па стылі да чорна-белага фотаздымка Фрымэна на рэлізах кружэлкі ў іншых краінах. «The Beatles» не ведалі пра гэта, а калі фанаты паказалі ім вокладку падчас іх адзінага турнэ па Аўстраліі ў жніўні 1964 года, то паведамілі менеджарам EMI пра сваю незадаволенасць заменай[23].

Выпуск і прыём

[правіць | правіць зыходнік]

Parlophone выпусціў альбом «With the Beatles» 22 лістапада 1963 года, праз восем месяцаў пасля выхаду «Please Please Me», пад каталожным нумарам PMC 1206[15] Альбом стаў першым альбомам The Beatles, выпушчаным у Паўночнай Амерыцы, калі ён быў выпушчаны ў Канадзе 25 лістапада 1963 года пад пашыранай назвай «Beatlemania! With The Beatles», з дадатковым тэкстам на вокладцы альбома. Выпушчаны ён быў у той час толькі ў монафанічным гучанні, каталожны нумар T 6051 (стэрэа-канадскі рэліз выйшаў толькі ў 1968 годзе, каталожны нумар ST 6051). Падчас выпуску ў ЗША «With the Beatles» быў нераўнамерна падзелены на першыя два альбомы гурта на лэйбле Capitol: дзевяць трэкаў былі выпушчаны на «Meet the Beatles!» (восем уласных кампазіцый бітлоў плюс кавер «Till There Was You»), а астатнія пяць песень (сярод іх усе — кавер-версіі) былі змешчаны ў «The Beatles' Second Album».

На кружэлку паступіла папярэдніх заказаў на паўмільёна, і да верасня 1965 года было прададзена яшчэ паўмільёна, што зрабіла яе другім альбомам, прададзеным накладам у мільён копій у Вялікабрытаніі, бо першым быў саўндтрэк да фільма 1958 года «Поўдзень Ціхага акіяна». «With the Beatles» заставаўся на вяршыні чартаў на працягу 21 тыдня, выцесніўшы «Please Please Me», то-бок «The Beatles» сумарна займалі першае месца 51 тыдзень запар. Альбом нават дасягнуў 11-га месца ў «чартах сінглаў», бо ў той час у брытанскіх чартах сінглаў улічваліся ўсе прададзеныя кружэлкі, незалежна ад фармату. Ніводзін іншы гурт ці спявак не займаў першае месца ў чартах альбомаў 51 тыдзень запар. Тым не менш, саўндтрэк да фільма «Поўдзень Ціхага акіяна» займаў першае месца ў чартах альбомаў 70 тыдняў запар[24]. Рэцэнзуючы альбом, Пітэр Джонс з «Record Mirror» назваў кружэлку крокам наперад у параўнанні з «Please Please Me», хвалячы і каверы, і песні Ленана-Мак-Картні, і асабліва «Don’t Bother Me» Харысана.

26 лютага 1987 года «With the Beatles» быў афіцыйна выпушчаны на кампакт-дыску (толькі ў мона-версіі, каталожны нумар CDP 7 46436 2). Да гэтага альбом быў даступны на тэрыторыі ЗША толькі як імпартны, але 21 ліпеня 1987 года ён таксама быў выпушчаны ўнутры краіны (на кружэлцы і на касеце). Побач з астатнімі складнікамі «каранёвай дыскаграфіі» «The Beatles» (англ. Core discography) ён быў перавыдадзены на кампакт-дыску ў абноўленых версіях калекцыі стэрэа і мона 9 верасня 2009 года.

Альбом заняў 420-е месца ў спісе часопіса «Rolling Stone» «500 найвялікшых альбомаў усіх часоў» у 2003 годзе і быў уключаны ў спіс Роберта Дымеры «1001 альбом, які вы павінны пачуць, перш чым памерці». Ён заняў 275-е месца ў трэцім выданні кнігі англійскага пісьменніка Коліна Ларкіна «1000 лепшых альбомаў усіх часоў»[25]. Ён заняў 29-е месца сярод найвялікшых альбомаў у кнізе «Paul Gambaccini Presents the Top 100 Albums» (бел. «Пол Гамбачыні прадстаўляе 100 лепшых альбомаў», раней назвай кнігі было Critic's Choice: Top 200 Albums[en]. Аўтар сабраў групу экспертаў з сямі краін, якая вызначыла лепшыя альбомы). На падставе месцаў, якія альбом заняў у прафесійных рэйтынгах і спісах, на вэб-сайце Acclaimed Music указана наступная статыстыка: «With The Beatles» стаў трэцім па папулярнасці альбомам 1963 года, 64-м па папулярнасці альбомам 1960-х гадоў і 345-м па папулярнасці альбомам у гісторыі.

Спіс кампазіцый

[правіць | правіць зыходнік]

Словы і музыка ўсіх песень напісаны Джонам Ленанам і Полам Мак-Картні, за выключэннем адзначаных. 

Бок 1
№ НазваВакал Працягласць
1. «It Won’t Be Long» Ленан 2:09
2. «All I’ve Got to Do» Ленан 2:03
3. «All My Loving» Мак-Картні 2:06
4. «Don’t Bother Me» (Джордж Харысан)Харысан 2:24
5. «Little Child» Ленан і Мак-Картні 1:46
6. «Till There Was You» (Мерэдыт Ўілсан)Мак-Картні 2:14
7. «Please Mr. Postman» (Джорджыя Добінс, Уільям Гарэт, Фрэдзі Горман, Браян Холанд, Роберт Бейтман)Ленан 2:34
Бок 2
№ НазваВакал Працягласць
1. «Roll Over Beethoven» (Чак Беры)Харысан 2:44
2. «Hold Me Tight» Мак-Картні 2:32
3. «You Really Got a Hold on Me» (Смокі Робінсан)Ленан і Харысан 2:59
4. «I Wanna Be Your Man» Стар 1:58
5. «Devil in Her Heart» (Рычард Дрэпкін)Харысан 2:26
6. «Not a Second Time» Ленан 2:07
7. «Money (That’s What I Want)» (Джэйні Брэдфард, Беры Гордзі)Ленан 2:50

Удзельнікі запісу

[правіць | правіць зыходнік]

The Beatles:

Вытворчасць:

  1. ↑ O'Dell, Denis; Neaverson, Bob (2002). At the Apple's core: the Beatles from the inside. Peter Owen Limited. p. 27. the first truly convincing British rock and roll album, With The Beatles
  2. ↑ Harrington, Richard (6 February 2004). "It was 40 years ago ..." Архівавана 30 мая 2013.The Washington Post. from the original on 5 January 2013.
  3. ↑ Howlett, Kevin; Heatley, Mike (2009). With the Beatles (CD historical notes). p. 12.
  4. ↑ SHINDIG! Issue 35, page 30
  5. ↑ Courrier, Kevin (2008). Artificial Paradise: The Dark Side of the Beatles' Utopian Dream. ABC-CLIO. p. 62. ISBN 978-0313345876. …the bold R&B of With the Beatles
  6. ↑ Gambaccini, Paul. -. — 1991. — С. 27.
  7. ↑ Trust, Gary. April 4, 1964: The Beatles Make Hot 100 History (англ.). Billboard (4 красавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 19 чэрвеня 2023. Праверана 11 верасня 2023.
  8. ↑ Trust, Gary. This Week in Billboard Chart History: In 2009, Lady Gaga Led the Hot 100 for the First Time With 'Just Dance'. Billboard (16 студзеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2017. Праверана 16 студзеня 2017.
  9. ↑ The Ivors 1964. Ivors Academy. Архівавана з першакрыніцы 21 верасня 2021. Праверана 16 кастрычніка 2021.
  10. ↑ The Beatles “With The Beatles” Australian EP. beatlesblogger. Архівавана з першакрыніцы 13 чэрвеня 2023. Праверана 11 верасня 2023.
  11. ↑ The Australian cover of Beatles for sale and With the Beatles. reddit.
  12. ↑ The 50 greatest album covers of all time (англ.). MusicRadar. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 16 мая 2011.
  13. 1 2 3 4 5 Lewisohn, M. The Complete Beatles Recording Sessions (англ.). — 1988. — С. 34–35. — ISBN 0-600-55798-7.
  14. ↑ Lewisohn, M. The Complete Beatles Recording Sessions (англ.). — 1988. — С. 32. — ISBN 0-600-55798-7.
  15. 1 2 3 4 Lewisohn, M. The Complete Beatles Recording Sessions (англ.). — 1988. — С. 35–36. — ISBN 0-600-55798-7.
  16. 1 2 Lewisohn, M. The Complete Beatles Recording Sessions (англ.). — 1988. — С. 36–37. — ISBN 0-600-55798-7.
  17. ↑ Beatles fans eye rare display of Fabs photos (англ.). CNN. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2016. Праверана 13 верасня 2023.
  18. ↑ The Beatles. The Beatles Anthology. — Chronicle Books, 2000. — С. 107. — 368 с. — ISBN 0811826848.
  19. ↑ Carlin, Peter Ames. Paul McCartney: A Life (англ.). — Simon and Schuster, 2009. — С. 91. — 384 с. — ISBN 978-1-4165-6209-2. Архівавана 13 красавіка 2021 года.
  20. 1 2 3 Miles 2001, p. 104.
  21. ↑ Lewisohn, M. The Complete Beatles Chronicle (англ.). — Chancellor Press, 1996. — ISBN 0-7607-0327-2.
  22. 1 2 3 Harris, J. Mojo Special Limited Edition: 1000 Days of Beatlemania (The Early Years – April 1, 1962 to December 31, 1964) (англ.). — London: Emap, 2002. — С. 59.
  23. ↑ Baker, Dilernia 1985.
  24. ↑ Albums with the most weeks at Number 1 on the Official Albums Chart (англ.). OfficialCharts.com. Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2023. Праверана 13 верасня 2023.
  25. ↑ Ларкін, К. 1001 Albums You Must Hear Before You Die. — 3-е выд.. — Virgin Books, 2000. — С. 119. — ISBN 0-7535-0493-6.